Выкарыстанне этнакультурных рэгіянальных традыцый

 

Шэйка Вольга Валянцінаўна, 

метадыст   дзяржаўнай установы адукацыі «Слуцкі Цэнтр дзіцячай творчасці»

 

 

 

 

 

 

 

Выкарыстанне этнакультурных рэгіянальных традыцый у адукацыйным працэсе ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі

Згодна Канцэпцыі неперарыўнага выхавання,  адной з прыярытэтных задач адукацыі з’яўляецца далучэнне навучэнцаў да нацыянальнай культуры, фарміраванне этнічнай самасвядомасці, нацыянальных каштоўнасных  арыентацый, што садзейнічае паспяховай сацыялізацыі асобы  ў сучасным грамадстве; самаразвіццю, засваенню навучэнцамі агульначалавечых гуманістычных  каштоўнасцей.

Дзеля таго, каб  па меры сталення далучыцца да сусветных  мастацкіх скарбаў,  спазнаць іншую культуру,  неабходна, перш за ўсё,  ведаць сваю, паколькі шлях да агульначалавечых духоўных каштоўнасцей ляжыць праз нацыянальнае выхаванне. Развіццё асобы дзіцяці як носьбіта  нацыянальнай культуры магчыма толькі пры знаёмстве з  гісторыяй свайго народа, яго звычаямі, традыцыямі, адметнасцямі побыту, асаблівасцямі нацыянальнага характару i ментальнасці. Пазнаючы мінулае, шматвяковую мудрасць, гістарычны вопыт, традыцыі, чалавек лепш пазнае самога сябе, свае жыватворныя карані. Гэта дазваляе паўней усвядоміць сваю ўнікальнасць, глыбей зразумець свой унутраны свет і разумней будаваць сваё жыццё, што становіцца ўсё больш актуальным у нашы дні.

Знаёмства з нацыянальнай культурай пачынаецца з вывучэння культурных традыцый і абрадаў сваёй малой радзімы. Асаблівая роля ў захаванні і распаўсюджванні ў грамадстве народных культурных традыцый і выхаванні дзяцей і падлеткаў на аснове духоўна-маральных каштоўнасцей і ідэалаў належыць сёння дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Спецыфіка дадатковай адукацыі дазваляе максімальна задзейнічаць патэнцыял этнакультурнага кампанента ў творчым развіцці навучэнцаў. Варыятыўна дыферынцыраваны змест адукацыйных праграм, разнастайнасць формаў і метадаў навучання, добраахвотны выбар відаў дзейнасці, эмацыйна насычаныя адносіны спрыяюць творчай актыўнасці вучняў, заснаванай на зносінах, вывучэнні гісторыі і культурных каштоўнасцей свайго рэгіёну, практычным ўдзеле ў захаванні народных рамёстваў, звычаяў, традыцый.

З верасня 2018 г. у дзяржаўнай установе адукацыі «Слуцкі Цэнтр дзіцячай творчасці» паспяхова рэалізуецца  абласны педагагічны праект «Творчае развіццё навучэнцаў праз вывучэнне рэгіянальных этнакультурных традыцый у адукацыйным працэсе». Мэта праекта ­–  стварэне ўмоў для  творчага развіцця навучэнцаў праз вывучэнне рэгіянальных этнакультурных традыцый. Былі вызначаны наступныя напрамкі дзейнасці:

  • вывучэнне этнакультурных традыцый Случчыны ў рамках адукацыйных праграм аб’яднанняў па інтарэсах;
  • арганізацыя вольнага часу (распрацоўка сцэнарыяў і правядзенне мерапрыемстваў фальклёрна-гульнёвых, тэатральных праграм, абрадавых свят, этнаграфічных конкурсаў).
  • распрацоўка адукацыйнай праграммы аб’яднання па інтарэсах «Слуцкі сувенір»;
  • стварэнне сістэмы сацыяльнага партнёрства з установамі адукацыі, установамі культуры;
  • арганізацыя тэматычных выстаў творчых работ, майстар-класаў навучэнцаў, педагогаў і бацькоў.

Нашы педагагі распрацоўваюць і рэалізуюць праграмы аб’яднанняў па інтарэсах з улікам рэгіянальнага этнакультурнага кампанента, што спрыяе развіццю ў навучэнцаў  цікавасці да культуры сваёй малой радзімы, вытокаў народнай творчасці.

На занятках ўзорнага ансамбля танца «Папараць-кветка» рабяты знаёмяцца з традыцыямі народнага танца, вывучаюць абрады родного краю. У рэпертуары калектыву беларускія народныя танцы: «Гусачок», «Пава», «Палеская кругавая», «Віцебская полька» і іншыя.

Уздельнікі народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнай творчасці «Спадчына» вывучаюць гісторыю сваёй малой радзімы, яе рэгіянальныя традыцыі, іх ўвасабленне ў вопратцы. Студыйцы выконваюць дэкаратыўныя пано з саломы ў тэхніцы «аплікацыя», на якіх адлюстроўваюцца архітэктурныя помнікі Случчыны, героі беларускага фальклору, міфалогіі, фаўны і флоры роднага краю. Асаблівае значэнне ў працы студыі надаецца вывучэнню і мастацкай рэканструкцыі беларускага касцюма ў вобразе лялькі. Сярод лялек, вырабленых у народнай студыі: юная Рагнеда, адважная Анастасія Слуцкая, гарэзлівая Паўлінка, мудрая Сафія Слуцкая.

У народнай студыі выяўленчага мастацтва «Вытокі» навучэнцы знаёмяцца з мастацтвам роднага краю, творчасцю прафесійных і народных майстроў Случчыны, мастакоў-выпускнікоў студыі, мясцовымі мастацкімі славутасцямі. Вывучэнне помнікаў архітэктуры і выяўленчага мастацтва малой радзімы садзейнічае далучэнню студыйцаў да творчасці на аснове мясцовых традыцый, выхоўвае любоў да роднага краю, павагу да людзей, якія жывуць побач, фарміруе жаданне берагчы і вывучаць культуру свайго рэгіёна.

У аб’яднанні па інтарэсах «Берагіня» навучэнцы вывучаюць гісторыю народнай лялькі, яе віды, беларускі арнамент, народную вышыўку, традыцыйны слуцкі строй, слуцкі пояс; вырабляюць гульнёвыя, абрадавыя, абярэжныя лялькі: «Жаданіца», «Бяссоніца», «Карагодніца», «Блінная Масленіца», «Крупенічка», «Траўніца», «Багатуха», падвескі з выявай герба Слуцка, закладкі, бранзалеты і герданы па матывах слуцкіх паясоў.

На занятках ўзорнага тэатра лялек «Усмешка» і ўзорнай тэатральнай студыі «Сінтэз» вялікая ўвага надаецца вывучэнню беларускага фальклору, яго рэгіянальным асаблівасцям. Праз народныя прыказкі і прымаўкі, казкі ў вучняў фарміруюцца асновы нацыянальнай самасвядомасці і любові да айчыны, развіваецца цікавасць да народных традыцый і звычаяў, станоўчае стаўленне да працоўнай дзейнасці, разуменне важнасці працы ў жыцці чалавека, паважнае стаўленне да яе вынікаў, закладваюцца асновы мастацкай культуры, узбагачваецца гаворка, пашыраецца слоўнікавы запас.

Важную ролю ў далучэнні вучняў да народнай культуры, вывучэнні этнарэгіянальных культурных традыцый займаюць культурна-масавыя мерапрыемствы Цэнтра дзіцячай творчасці, у аснове якіх традыцыйныя каляндарныя святы беларусаў: Пакроў, Каляды, Масленіца, Гуканне вясны.

Уключэнне этнакультурнага рэгіянальнага кампанента ў змест адукацыйнага працэсу дапамагае навучэнцам больш даведацца пра народную творчасць; пазнаёміць з этыкетам, абрадамі, традыцыямі, асаблівымі прадметамі культуры, народнымі прыметамі, святамі, гульнямі, што, несумненна, дае магчымасць спазнаць дзіўны свет беларускай культуры.

 

Опросы
Нет доступных опросов Результаты опросов