Н. Л. Барадзіна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры першай катэгорыі СШ № 4 г. Слуцка |
Беларуская мова ў школе – не толькі прадмет вывучэння, але і дзейсны сродак фарміравання асобы, здольнай успрымаць на роднай мове змест прачытанага і пачутага, ствараць вусныя і пісьмовыя выказванні ў залежнасці ад мэты і задач камунікацыі.
Новыя патрабаванні да вынікаў адукацыйнай дзейнасці дыктуюць новыя патрабаванні і да ўрока, таму задача настаўніка заключаецца ў пошуку аптымальных (з улікам узросту, інтарэсаў вучняў) шляхоў удасканаленння выкладання беларускай мовы, якія садзейнічалі б пазітыўнаму змяненню якасці навучэння беларускай мове, павышэнню матывацыі да вучобы і цікавасці да пазнання. Адным з эфектыўных сродкаў можна лічыць метад праблемнага навучання, сутнасць якога заключаецца ў тым, што педагог стварае праблемную сітуацыю і арганізуе дзейнасць школьнікаў па рашэнні вучэбных праблем, забяспечвае аптымальнае злучэннне самастойнай пошуковай дзейнасці з засваеннем пэўнай інфармацыі. Вучні атрымліваюць магчымасць не проста авалодаць гатовымі ведамі, а ў працэсе рашэння праблемных задач самастойна прыйсці да гэтых ведаў [5, с. 17].
Разгляду асноўных прыёмаў стварэння праблемных сітуацый на ўроку беларускай мовы прысвечаны майстар-клас, які прапануецца вашай увазе.
Тэма. Прыёмы стварэння праблемных сітуацый на ўроках беларускай мовы.
Мэта: плануецца, што ўдзельнікі майстар-класа авалодаюць ведамі пра асноўныя прыёмы стварэння праблемных сітуацый, будуць мець уяўленне аб магчымасцях дадзеных прыёмаў для павышэння матывацыі вучняў.
Задачы:
- стварыць умовы для павышэння матывацыі ўдзельнікаў майстар-класа;
- садзейнічаць развіццю навыкаў распрацоўкі праблемных сітуацый;
- стварыць умовы для самарэалізацыі педагогаў і стымулявання іх прафесійнага росту.
Ход майстар-класа
I. Арганізацыйна-матывацыйны этап
Задача: стварыць спрыяльную абстаноўку, арганізаваць увагу педагогаў, сфарміраваць групы па 4–5 чалавек.
Майстар. Пачнём мы з цікавага задання: у вас ёсць прабіркі з арэхам, ваша задача – дастаць арэх; прабірку пераварочваць забараняецца. (Удзельнікі выконваюць заданне.)
Пытанні:
- Ці змаглі вы выканаць гэта заданне? Чаму?
- Ці можа такое заданне зацікаваіць вучняў, матываваць іх на дзейнасць? (Адказы ўдзельнікаў.)
Рускі педагог Рувім Левін зазначаў: «Мы занадта часта даём дзецям адказы, якія трэба вывучыць, а не ставім перад імі праблемы, якія трэба вырашыць». Як вы ставіцеся да гэтага выказвання? (Адказы ўдзельнікаў.)
Звярніце ўвагу на абрэвіятуру ПСПС. Паспрабуйце расшыфраваць яе, пры гэтым улічвайце, што адна літара адпавядае аднаму слову. Абрэвіятура дапаможа сфармуляваць тэму майстар-класа. («Прыёмы стварэння праблемных сітуацый».)
II. Этап мэтавызначэння
Задача: арганізаваць мэтавызначэнне ўдзельнікамі і выявіць іх чаканні.
Педагогам прапануецца выбраць мэты работы (або сфармуляваць самастойна):
- больш даведацца пра прыёмы праблемнага навучання;
- атрымаць гатовыя прыклады праблемных сітуацый, заданняў;
- навучыцца распрацоўваць праблемныя сітуацыі;
- мець зносіны з калегамі;
- вызначыць тэму самаадукацыі.
III. Інфармацыйна-дзейнасны этап
Задача: пазнаёміць з прыёмамі стварэння праблемных сітуацый, арганізаваць групавое ўзаемадзеянне па развіцці пэўных навыкаў.
Майстар. Сяргей Леанідавіч Рубінштэйн адзначаў: «Пачатковым момантам разумовага працэсу звычайна з’яўляецца праблемная сітуацыя... Думаць чалавек пачынае толькі тады, калі ў яго з’яўляецца патрэба нешта зразумець... Мысленне пачынаецца з праблемы або пытання, са здзіўлення або супярэчнасці». Амерыканскі філосаф, педагог Джон Дзьюі лічыў, што засваенне вучэбнага матэрыялу адбываецца не ў выніку простага слухання і ўспрыняцця інфармацыі органамі пачуцця, а ў выніку задавальнення, якое ўзнікае ў дзіцяці падчас навучання. Умовамі паспяховасці з’яўляюцца праблематызацыя вучэбнага матэрыялу, актыўнасць вучня, сувязь навучанння з жыццём, гульнёй, працай дзіцяці.
Заданне групам. Дайце азначэнне паняцця «праблемная сітуацыя» і прыдумайце яго сімвал. (Выступленні груп.)
Майстар. Што значыць стварыць праблемную сітуацыю? Гэта значыць ўвесці супярэчнасць, якая выклікае ў дзяцей здзіўленне, прапанаваць заданне, для выканання якога патрабуецца вывучэнне новага матэрыялу. Найбольш эфектыўныя і цікавыя для вучняў, як паказвае вопыт, праблемныя сітуацыі «са здзіўленнем», «з цяжкасцямі» і на аснове прыёму «Яркая пляма».
Важным з’яўляецца сістэмны падыход да навучання. З 5 класа неабходна паступова прывучаць дзяцей не баяцца выказваць свае думкі (няхай нават няправільныя – на выніковую адзнаку на ўроку гэта не павінна ўплываць). Як правіла, у такім выпадку актыўнасць школьнікаў узрастае: яны падчас рашэння праблемнай сітуацыі тлумачаць свае адказы, задаюць пытанні, удзельнічаюць у абмеркаванні пастаўленай праблемы; рабяты бачаць, што ў іх нешта атрымліваецца, што яны ведаюць, умеюць, могуць.
Паступова ідзе іх падрыхтоўка да наступнага ўзроўню праблемнасці ў 6–7 класах, калі школьнікі рашаюць вучэбную праблему самастойна, а пры неабходнасці – з дапамогай настаўніка. Зыходная сітуацыя няроўнасці (розныя здольнасці, узровень падрыхтаванасці) ва ўмовах праблемнай сітуацыі ператвараецца ў сітуацыю роўнасці: усе роўныя перад праблемай (напрыклад, як правільна сказаць: адзінАццатага ці адзІнаццатага, крапІва ці крапівА; напісаць лЯгенда ці лЕгенда?).
Пры ўвядзенні ў праблемную сітуацыю «са здзіўленнем» можна пачаць тлумачэнне новага матэрыялу праблемным пытаннем, напрыклад:
- Чым адрозніваецца сонечны прамень ад сонечнага настрою? (5 клас, тэма «Прамое і пераноснае значэнне слова»)
- Чаму словы унія і ўніяты пішуцца па-рознаму? (5 клас, тэма «Правапіс у, ў»)
Такім чынам настаўнік звяртае ўвагу вучняў на супярэчнасць і прапануе знайсці спосаб рашэння праблемнай сітуацыі, пабуджае рабіць параўнанні, абагульненні, супастаўляць розныя меркаванні. І калі пытанне задаецца франтальна, то далей працаваць над праблемай дзеці могуць у групах або індывідуальна.
Праблемную сітуацыю можна ствараць на аснове фактаў з рэальнага жыцця. Напрыклад, пры вывучэнні ў 6 класе тэмы «Скланенне прозвішчаў» апісваецца сітуацыя: Алена Базылевіч падпісала свой сшытак так: «Сшытак па беларускай мове вучаніцы 5 класа Базылевіч Алены», а яе брат Іван зрабіў такі надпіс: «Сшытак па беларускай мове вучня 10 класа Базылевіча Івана».
Пытанні: Як вы думаеце, хто памыліўся? (Вучні прапаноўваюць варыянты.) З якой праблемай вы сутыкнуліся? Як яе вырашыць?
Пасля праверкі розных гіпотэз шасцікласнікі зробяць вывад, што памылак няма, бо ёсць варыянты скланення прозвішчаў ў залежнасці ад полу асобы.
Мэтазгоднымі і прадуктыўнымі на ўроках з’яўляюцца праблемныя сітуацыі «з цяжкасцямі» (калі трэба выканаць заданне, але гэта немагчыма адразу ажыццявіць). Так, у 5 класе пры вывучэнні тэмы «Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам» вучням прапануецца заданне: на дошцы запісаны сказы, у якіх трэба паставіць знакі прыпынку. Узнікае праблема, у працэсе вырашэння якой выпрацоўваецца алгарытм пастаноўкі працяжніка. Важна, што вучні самастойна здзяйсняюць пошук правільнага рашэння і ацэньваюць вынікі работы.
Пры вывучэнні тэмы «Назоўнікі агульнага роду» ў 6 класе школьнікі дзеляцца на тры групы, кожнай з іх даюцца карткі з назоўнікамі. Першая група збірае назоўнікі жаночага роду, другая – мужчынскага, трэцяя – ніякага. Праблема заключаецца ў тым, што сярод слоў ёсць назоўнікі агульнага роду (сірата, непаседа, задзіра) і назоўнікі, род якіх у беларускай і рускай мовах не супадае (гусь, медаль, подпіс, боль). Вучні сутыкаюцца з цяжкасцю і не могуць справіцца з заданнем – ствараецца праблемная сітуацыя. Школьнікі вызначаюць тэму ўрока, фармулююць мэты дзейнасці. Разуменне недастатковасці ведаў выклікае цікавасць да пазнання і ўстаноўку на атрыманне новай інфармацыі.
Матывацыйным штуршком на ўроку можа стаць праблемная сітуацыя, створаная на аснове прыёму «Яркая пляма», сутнасць якога заключаецца ў выкарыстанні цікавага, інтрыгуючага матэрыялу (казкі, легенды, загадкі, выпадку з паўсядзённага жыцця і г. д.), а таксама элементаў гульні.
Прыём «Пабуджальны дыялог» заключаецца ў выкарыстанні настаўнікам стымулюючых пытанняў, якія дапамагаюць школьнікам усвядоміць супярэчнасці праблемнай сітуацыі і сфармуляваць вучэбную праблему, напрыклад: «Ці змаглі вы выканаць гэта заданне? Чаму не атрымліваецца? Якія цяжкасці ўзніклі? Чым гэта заданне адрозніваецца ад папярэдняга? Якія веды трэба прымяніць? Што вы можаце зрабіць, каб выканаць гэта заданне?» і інш.
На этапе вылучэння, праверкі гіпотэз і рашэння праблемы можа быць рэалізаваны прыём «Кошык ідэй» (вучні «збіраюць» свае прапановы ва ўмоўны кошык). Для доказу ці абвяржэння гіпотэз прымяняецца назіранне і аналіз, параўнанне, выдзяленне агульных прыкмет, адбор метадам выключэння і г. д.
Пры правядзенні ўрокаў на аснове праблемнага навучання магчымы наступныя памылкі:
- недакладна сфармуляваныя праблемныя пытанні і заданні, не ўлічаны тэмп работы кожнага вучня;
- заданні падабраны без уліку ўзроставых і індывідуальных асаблівасцей вучняў (гэта прыводзіць да адсутнасці цікавасці да тэмы ўрока).
На нашу думку, каб апісаны вопыт паспяхова ўвайшоў у паўсядзённую педагагічную практыку, настаўніку неабходна:
- ствараць праблемную сітуацыю ў адпаведнасці з узроставымі і інтэлектуальнымі магчымасцямі вучняў;
- канструяваць праблемную сітуацыю такім чынам, каб яе змест адпавядаў тэарэтычным ведам школьнікаў;
- мадэляваць заданні так, каб вучні не маглі выканаць іх, абапіраючыся толькі на наяўныя веды, але іх павінна быць дастаткова для самастойнага аналізу праблемы і знаходжання невядомага;
- арганізоўваць зваротную сувязь.
- IV. Этап адпрацоўкі ўменняў і навыкаў
Задачы: стварыць умовы для працы ў групах; матываваць удзельнікаў на свабодны абмен меркаваннямі.
Майстар. Прапаную праверыць вашы веды з дапамогай інтэрактыўнага тэсту (інструктаж па рабоце з kahoot.com, выкананне ўдзельнікамі майстар-класа тэсту.)
Прыклады заданняў:
- Які прыём стварэння праблемнай сітуацыі выкарыстаны, калі заданне сфармулявана такім чынам: «Знайдзіце заканамернасць і размяркуйце словы ў тры слупкі»?
а) «з цяжкасцямі»;
б) «са здзіўленнем»;
в) «яркая пляма»;
г) «рэфлексія».
- Дя якога прыёму стварэння праблемнай сітуацыі можна аднесці такі пачатак урока: «Алаіза Пашкевіч і Цётка – гэта адзін чалавек»?
а) «з цяжкасцямі»;
б) «яркая пляма»;
в) «супярэчлівы факт»;
г) не ведаю.
(Пасля выканання ўдзельнікамі тэсту праводзіцца аналіз вынікаў, выпраўленне памылак.)
Заданне. На аснове розных прыёмаў стварыце тры праблемныя сітуацыі, якія можна выкарыстаць на вашых уроках.
(Выступленні груп.)
V. Рэфлексійны этап
Задача: ацаніць эфектыўнасць узаемадзеяння ўдзельнікаў майстар-класа; вызначыць магчымасць выкарыстання атрыманых ведаў, уменняў ў далейшай педагагічнай дзейнасці.
Пытанні:
- Ці спраўдзіліся вашы чаканні? Чаму?
- Якія ідэі вы знайшлі сёння, каб паспяхова працаваць заўтра?
Закончыце сказы: «Я сёння…» і «Я заўтра...».
Літаратура
- Валочка, Г. М. Асноўныя характарыстыкі сучаснага ўрока беларускай мовы / Г. М. Валочка // Беларуская мова і літаратура. – 2012. – № 12. – С. 12–15.
- Запрудскі, М. І. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі / М. І. Запрудскі. – Мінск: Сэр-Віт, 2010.
- Кудрявцев, Т. В. Проблемное обучение: истоки, сущность, перспективы / Т. В. Кудрявцев. – М.: Знание, 1991. – 80 с.
- Ляшук, В. Я. Да пытання аб перспектыўных прыёмах, метадах, тэхналогіях выкладання літаратуры / В. Я. Ляшук // Беларуская мова і літаратура. – 2008. – № 12. – С. 3–4.
- Махмутов, М. И. Проблемное обучение. Основные вопросы теории / М. И. Махмутов. – М.: Педагогика, 1995. – 230 с.