Фарміраванне навыку выразнага чытання ў малодшых школьнікаў. Апісанне вопыту педагагічнай дзейнасці

Рубрика: Начальные классы. Описание опыта педагогической деятельности

 

 

Салавей Наталля Генадзьеўна,

настаўнік пачатковых класаў

вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі

ДУА “Сяражская сярэдняя школа”,

78solo@gmail.com

 

Актуальнасць вопыту

Праблема фарміравання навыку выразнага чытання захоўвае сваю актуальнасць працяглы час. Падчас навучання выразнаму чытанню ажыццяўляецца развіццё ўсіх маўленчых працэсаў, якія складаюць змест унутранай і знешняй маўленчай дзейнасці, фанематычнага і ўнутранага маўленчага слыху. Выразнае чытанне з'яўляецца адным са сродкаў навучання, якое стымулюе развіццё ў дзяцей эмпатыі, дапамагае ім зразумець не толькі думку аўтара, але і яго пачуцці, эмацыйны стан герояў твора. Яно становіцца паказчыкам усвядомленасці чытання, узмацняе выхаваўчае ўздзеянне твора, узбагачае эмацыйную сферу, стымулюе камунікатыўнае і маральнае развіццё асобы.

Спецыялісты лічаць, што з усіх відаў мастацтва выразнае чытанне – самае блізкае і даступнае вучням малодшага школьнага ўзросту. Малодшыя школьнікі лёгка ўспрымаюць на слых інтанацыйны малюнак вуснай мовы, што абумоўлена наглядна-вобразным тыпам мыслення і памяці.

У вучэбным працэсе важна стварыць умовы, якія б дапамаглі малодшым школьнікам развіваць прыродныя задаткі, цікавасць і здольнасці да выразнага чытання, каб чытаць адчуваючы, думаючы і разважаючы.

Навукова-метадычнае абгрунтаванне

 Пытанні навучання выразнаму чытанню і мове (яе змястоўнасці, дакладнасці, лагічнасці, эмацыйнасці, вобразнасці, адпаведнасці літаратурнай норме) атрымалі навуковае абгрунтаванне ў працах Ф.І. Буслаева, К.Д. Ушынскага, В.П. Астрагорскага, Б.М. Галавіна, Г.У. Артабалеўскага, М.А. Рыбнікавай, Т.Ф. Завадскай, Б.С. Найдзёнава, В.В. Галубкова, Н.І. Сянцюрынай і іншых даследнікаў.

 

Сутнасць выразнага чытання ў пачатковых класах, па Н.І. Сянцюрынай, заключаецца ў тым, каб “выявіць бліжэйшы сэнс прачытанага і паказаць адносіны паміж асобнымі словамі і групамі слоў”; каб запісаныя думкі сталі “душэўным набыткам чытача”, у той час, як “тлумачальнае чытанне імкнецца прывесці дзяцей да засваення прачытанага разумовымі разважаннямі і наглядным навучаннем” [3].

М. А. Рыбнікава адзначала, што “выразнае чытанне – гэта тая першая і асноўная форма канкрэтнага нагляднага навучання літаратуры, якая для нас важней усякай нагляднасці зрокавага парадку”. 

 У сваіх працах К.С. Станіслаўскі даў наступную агульную схему працэсу выразнага чытання, якую, на думку В.В. Галубкова, можна выкарыстоўваць у методыцы выразнага чытання ў школе: вывучэнне тэксту, максімальнае ўжыванне ў яго ідэйна-эмацыянальны змест; грамадская накіраванасць, дзейснасць выразнага чытання; яснае разуменне “задач”, якія варта паставіць перад слухачамі пры чытанні кожнага эпізоду і асобных сцэн.

Дзейнасць па фарміраванні навыку выразнага чытання ў малодшых школьнікаў арганізую з апорай на метадычныя ідэі аўтарытэтных педагогогаў і літаратуразнаўцаў, кіруюся метадычнымі матэрыяламі і распрацоўкамі розных аўтараў: М. І. Амарокавай, С. М. Кастраміной, Т. А. Няборскай, Т. І. Гурыновіч,  Г.І. Махначовай і інш.

Мэта педагагічнай дзейнасці: фарміраванне навыку выразнага чытання ў малодшых школьнікаў на аснове сістэматычнага выкарыстання эфектыўных прыёмаў і практыкаванняў на ўроках літаратурнага чытання.

Задачы вопыту:

1)        ажыццявіць аналіз традыцыйнай і інавацыйнай практыкі навучання, выявіць прыёмы і практыкаванні, прымяненне якіх эфектыўна для фарміравання навыку выразнага чытання ў малодшых школьнікаў;

2)        распрацаваць і правесці заняткі на аснове выкарыстання вызначаных прыёмаў і практыкаванняў;

3)        прааналізаваць выніковасць работы па фарміраванні навыку выразнага чытання ў малодшых школьнікаў, абагульніць вопыт педагагічнай дзейнасці па праблеме.

Працягласць работы над вопытам

Сістэмную работу па фарміраванні навыку выразнага чытання ў малодшых школьнікаў праводжу з 2014 года. Вылучаю наступныя этапы работы над тэмай:

1.       Пошукавы. Вывучэнне навукова-метадычнай  літаратуры і вопыту работы па тэме; пошук эфектыўных прыёмаў і практыкаванняў, якія садзейнічаюць фарміраванню навыку выразнага чытання.

2.       Рэфлексіўны. Аналіз масавага і ўласнага вопыту па праблеме, самавызначэнне ў напрамку метадычных пошукаў.

3.       Практычны.  Карэкцыя ўласнай дзейнасці, адаптацыя новых ідэй да ўласнай практыкі; яе дапаўненне эфектыўнымі прыёмамі і практыкаваннямі, якія садзейнічаюць фарміраванню навыку выразнага чытання;

4.       Абагульняючы. Аналіз эфектыўнасці і асэнсаванне новага вопыту, вылучэнне яго істотных бакоў.

Апісанне тэхналогіі вопыту

Вядучая ідэя вопыту

Работа над выразным чытаннем абапіраецца на сістэму розных метадычных прыёмаў і практыкаванняў, накіраваных на  ўдасканаленне дзіцячай мовы, узбагачэнне  слоўнікавага  запасу, на фарміраванне  ўмення перадаваць свае думкі і пачуцці выразна. Таму вельмі важна сістэматычна і мэтанакіравана выкарыстоўваць мэтазгодныя практыкаванні і прыёмы навучання выразнаму чытанню на ўроках літаратурнага чытання.

Апісанне сутнасці вопыту

Абапіраючыся на думку Н. І. Сянцюрынай,  пад выразным чытаннем малодшых школьнікаў разумею свядомае, тлумачальнае чытанне, падчас якога дзеці перадаюць голасам усё, што яны засвоілі са зместу твора. Таму ў працэсе навучання выразнаму чытанню малодшых школьнікаў вылучаю змястоўны і працэсуальны аспекты. Мэта рэалізацыі змястоўнага боку выразнага чытання – асэнсаванае ўспрыманне, разуменне і засваенне зместу твора. Мэтай рэалізацыі працэсуальнага боку выразнага чытання з'яўляецца яго выкананне, адэкватнае задуме аўтара, якое адпавядае правілам логікі, тэхнікі і інтанацыйнай экспрэсіі [1].

Дзейнасць па фарміраванні навыку выразнага чытання ў вучняў арганізую з першага па чацвёрты класы, сістэматычна выкарыстоўваючы на ўроках літаратурнага чытання спецыяльныя практыкаванні і прыёмы навучання выразнаму чытанню. Сістэму работы будую на ўскладненні літаратурнага матэрыялу, паступовым развіцці мыслення і творчых здольнасцей малодшых школьнікаў, з улікам псіхолага-педагагічных асаблівасцей узроставага развіцця дзяцей і спецыфікі разумення імі зместу і сэнсу літаратурнага твора.

На ўроках літаратурнага чытання знаёмлю малодшых школьнікаў з тэарэтычнымі звесткамі і фармірую першапачатковыя ўяўленні пра тое, як выпрацоўваюцца навыкі выразнага чытання. На аснове тэарэтычных ведаў арганізую дзейнасць па навучанні выразнаму чытанню твораў ў некалькіх накірунках:

1.       Фарміраванне тэхнічнага боку мовы (дыхальныя практыкаванні, кіраванне голасам, выпрацоўка дыкцыі, захаванне арфаэпічных нормаў).

2.       Работа над інтанацыяй: сіла голасу (гучнасць і лагічны націск), паўзы (лагічныя і псіхалагічныя), тэмп і рытм, мелодыка, эмацыйны тон і тэмбр.

3.       Авалоданне нямоўнымі сродкамі выразнасці (жэсты, міміка, поза) [2].

Падрабязней пра кожны накірунак работы:

1.       Ужо ў паслябукварны перыяд знаёмлю вучняў з “азбукай” выразнага чытання, арганізую дзейнасць па ўдасканаленні маўленчых навыкаў і засваенні тэхнічнага боку мовы.

Работу пачынаю з пастаноўкі правільнага дыхання. З вучнямі праводжу тлумачальную гутарку пра асаблівасці і гігіену дыхання. Пры дапамозе прыёму параўнання дэманструю на любым літаратурным матэрыяле чытанне з правільным і няправільным (несвоечасовы дабор паветра і г.д.) размеркаваннем дыхання.

Для выпрацоўкі правільнага дыхання прапаную наступныя практыкаванні:

-                   Устаць, расправіць плечы, галаву трымаць прама. На лік 1-5 (пра сябе) – глыбокі ўдых; на лік 1-3 – затрымкадыхання; на лік 1-5 – выдых.

-                   Удыхнуць, затрымаць дыханне і на выдыху плаўна вымавіць зададзеныя настаўнікам гукі (якую – небудзь прыказку ці прымаўку).

Напрыклад: (удых) “Любіш катацца, любі і саначкі вазіць” (выдых).

Доўгія скарагаворкі на выдыху вымаўляюцца з даборам паветра.

Вельмі эфектыўнымі з’яўляюцца гульнёвыя практыкаванні для дыхальнай гімнастыкі (дадатак 1).

У першым класе дзеці часта чытаюць ціха, ніжэй сярэдняй сілы свайго голасу.  Таму работу над пастаноўкай правільнага дыхання сумяшчаю з работай над голасам.

Каб навучыцца кіраваць голасам, рэкамендую выканаць наступныя практыкаванні: палічыць ад 1 да 10 на адной вышыні, затым – павышаючы або паніжаючы голас; пачынаючы павольна, заканчваючы хутка;  пачынаючы ціха, заканчваючы гучна, і наадварот.

Трэнірую голас вучняў пасродкам прагаворвання тэкстаў прыказак і скарагаворак. Напрыклад, прагаварыць прыказкі спачатку раўнамерна, затым – паступова ўзмацняючы голас, а ў канцы – наадварот, паслабляючы. Напрыклад: “У гасцях добра, а дома лепш”, “Не спяшайся языком, спяшайся справай”.

Для адпрацоўкі змены сілы голасу і свабоды гучання гуку выкарыстоўваю такія практыкаванні, як “Сірэна”, "Гудок парахода” – “м-м-м”, “л-л-л”, “н-н-н”.

Да зычных гукаў [м], [л], [н] прапаную вучням па чарзе дадаваць галосныя [і], [э], [а], [о], [у], [ы], вымаўляючы плаўна і працягла: “Ммі, ммэ, мма, ммо, мму, ммы;ллі, ллэ, лла, лло, ллу, ллы; нні, ннэ, нна, нно, нну, нны”. Гэтыя практыкаванні выконваюцца з паступовым узмацненнем голасу: спачатку ціха, затым гучней, гучна і, наадварот, з паступовым паслабленнем голасу: гучна, цішэй, ціха, зусім ціха [1].

Поспех чытання ў многім залежыць ад дыкцыі – выразнага, правільнага вымаўлення асобных гукаў і іх спалучэнняў. Таму з першых дзён навучання ў школе прывучаю дзяцей вымаўляць словы выразна і дастаткова гучна. Ужо ў дабукварны перыяд адзначаю для сябе маўленчыя недахопы дзяцей, вызначаю кірунак работы па іх выпраўленні (праводжу з навучэнцамі індывідуальныя заняткі ці рэкамендую звярнуцца да спецыяліста-лагапеда). Некаторым вучням рэкамендую чытанне шэптам – гэта дапамагае пазбавіцца ад млявасці вуснаў і языка, вучыць утрымліваць іх падчас гутаркі ў напружаным стане.

У перыяд навучання грамаце для адпрацоўкі спосабу вымаўлення гукаў выкарыстоўваю складовыя табліцы. Развіццю дыкцыйнай выразнасці спрыяюць скарагаворкі. Каб тэкст скарагаворкі вымаўляўся не механічна, а асэнсавана, прапаную вучням чытаць яго з якім-небудзь намерам, напрыклад: здзівіць, пацешыць, пажартаваць і г. д.

Вельмі падабаюцца дзецям жарты-чыстагаворкі і маўленчыя размінкі з самамасажам языка (дадатак 2).

На кожным уроку праводжу работу над арфаэпіяй: развіваю ў вучняў моўны слых, уменне ўважліва слухаць чытанне таварыша, адзначаць недакладнасці, парушэнні і адхіленні ад нормы, вызначаць правільнасць па слоўніках і даведніках, шляхам кансультавання ў настаўніка.

2.       Калі малодшыя школьнікі авалодваюць тэхнічным бокам маўлення, праводжу паступовае знаёмства з кампанентамі інтанацыі: сіла голасу (гучнасць і лагічны націск), паўзы (лагічныя і псіхалагічныя), тэмп і рытм, мелодыка, эмацыйны тон і тэмбр.

Важнасць правільнага выбару інтанацыі дэманструю з дапамогай практыкаванняў. Напрыклад, прапаную вучням прачытаць сказы, перадаючы пытальную інтанацыю і ў той жа час радасць (страх, гонар, здзіўленне, засмучэнне): “На вуліцы дождж? Які моцны вецер! Ці будзе навальніца?”

Як ілюстрацыю да выкарыстання сілы голасу прапаную дзецям азнаёміцца са сказамі і падумаць, які сказ трэба чытаць гучна, а які – ціха: “Гром грукоча: “Бух! Трах!” – нібы горы бурыць”, “Ціха!” – шэпча цішыня каля Вечнага агню”.

У трэцім класе на практычных прыкладах знаёмлю вучняў са значэннем лагічнага націску (вылучэнне голасам галоўных па сэнсавай нагрузцы слоў ці словазлучэнняў) і правіламі пастаноўкі лагічных націскаў.

Я прыводжу дзецям шэраг прыкладаў, з якіх відаць, наколькі націск на вызначаным слове змяняе сэнс фразы. Напрыклад, на дошцы запісаны сказ: “Мы пойдзем сёння ў цырк?” Вылучаючы голасам па чарзе розныя словы ў сказе, пытаю ў дзяцей: “Аб чым пытаецца ў сказе?”. Такім чынам, школьнікі могуць назіраць змену сэнсу пытання ў залежнасці ад лагічнага націску. Затым прапаную аднаму вучню паставіць пытанне так, каб другі вучань, адказваючы на яго, правільна вызначыў слова, на якое падае лагічны націск.

Для адпрацоўкі ўмення вызначаць і захоўваць лагічныя паўзы, праводжу маўленчыя размінкі з прыказкамі, чатырохрадкоўямі. Вучні ўсведамляюць, што лагічныя паўзы – гэта паўзы перад словамі і фразамі, якім чалавек жадае надаць асаблівае значэнне і сілу. Чым большае значэнне слова, тым даўжэй паўза перад ім. Гаворачы пра псіхалагічную паўзу, звяртаю ўвагу дзяцей на тое, што гэта спецыяльны эмацыйны прыпынак, з дапамогай якога чытач перадае эмацыйнае ўнутранае перажыванне, напружанасць падзей апавядання.

Назіранні за паўзай праводжу як на матэрыяле празаічных, так і вершаваных твораў. У рабоце над пастаноўкай паўз магу вылучыць тры этапы: першы этап – назіранне за паўзай з апорай на знакі прыпынку ў канцы і ў сярэдзіне сказа; другі этап – аналіз ролі паэтычнай паўзы; трэці этап – назіранне за найпростымі выпадкамі псіхалагічнай паўзы [2].

Прывяду прыклады практыкаванняў для адпрацоўкі ўмення рабіць паўзы.

-     Запісваю на дошцы ці раздаю на картках вучням сказы, у якіх паўзы графічна пазначаны. Прапаную выразна прачытаць іх і растлумачыць сэнсавае адрозненне варыянтаў дадзеных сказаў з розным размяшчэннем паўз.

-     Шляхам накладання на старонку з тэкстам поліэтыленавага лістка, прапаную зрабіць ручкай неабходныя пазнакі, паставіўшы паўзу перад тым момантам, які, на погляд дзяцей, самы адказны.

-     Раздаю вучням карткі са словамі, з якіх трэба скласці прыказку і запісаць, а затым вылучыць алоўкам словы, на якіх трэба паставіць лагічны націск, і пазначыць рыскай месцы,  дзе трэба зрабіць паўзы. Потым дзеці выразна чытаюць прыказку і тлумачаць яе сэнс. Можна арганізоўваць парную або групавую работу.

Абавязковыя кампаненты, якія ўдзельнічаюць у стварэнні вызначанай інтанацыі, – гэта тэмп і рытм. Гэтыя сродкі выразнасці ўзаемазвязаны.

Дзеці самі могуць адказаць на пытанне, які тэмп адпавядае перадачы цяжкіх перажыванняў, радаснага настрою. Звяртаю ўвагу школьнікаў на тое, што тэмп чытання чымсьці падобны на хадзьбу: добры настрой надае лёгкасць і энергічнасць, а дрэннае самаадчуванне робіць запаволенымі і хадзьбу, і гаворку.

Для трэніроўкі пачуцця рытму выкарыстоўваю цікавыя практыкаванні. Напрыклад, раздаю вучням карткі з урыўкамі вершаў. Яны знаёмяцца з іх зместам. Затым зачытваю ўрывак, якога няма ў картках. Вучні павінны адчуць рытм верша і зразумець, які ўрывак з надрукаваных на іх картках з'яўляецца працягам таго, што чытаў настаўнік (дадатак 3).

Знаёмячы вуняў з мелодыкай мовы (рух голасу па гуках рознай вышыні), некалькі разоў прагаворваю фразу, вар'іруючы інтанацыю: “Сёння мы пазнаем адну таямніцу”. Навучэнцы, ацаніўшы некалькі варыянтаў вымаўлення, выбіраюць найболей падыходзячы.

Малодшым школьнікам вельмі падабаецца практыкаванне “Арэлі” (“арэлі” ляцяць угару – высокім голасам вымаўляецца “ух!”, рукі ўзнімаюцца ўверх; арэлі апускаюцца ўніз – голас ніжэйшы, рукі – уніз) [2].

У гучанні твора немалаважнае значэнне мае тэмбр голасу (характэрная гукавая афарбоўка), з дапамогай якога твор можа набываць розныя адценні ў залежнасці ад разумення чытачом творчай задумы аўтара.  Напрыклад, можна прапанаваць вучням паказаць, як мяўкае кацяня і як гэта робіць сталы кот; параўнаць уяўны тэмбр голасу гнома і волата. Спачатку я сама выконваю гэта заданне, дзеці адразу ж падхапляюць ініцыятыву і ўжо самастойна ўспамінаюць і прыдумваюць герояў з ярка прадстаўленым тэмбрам голасу. Гэта развівае творчасць і фантазію ў дзяцей.

3.       Важным сродкам перадачы падтэксту твора з’яўляюцца жэсты і міміка. Для ўзмацнення выразнасці мовы выкарыстоўваюцца жэсты. Жэст можа падкрэсліваць важнасць пэўнага слова ці фразы або напаўняць сэнсам паўзу. Міміка – выраз твару. Лоб, бровы, вочы, нос, вусны актыўна ўдзельнічаюць у перадачы думкі, настрою і падтэксту чытаемага твора. Міміку можна трэніраваць падчас падрыхтоўкі да чытання ў адпаведнасці з яго сэнсам (перадаць захапленне, радасць, страх, іронію і г.д.) [1].

Мімічныя практыкаванні разнастайныя і вельмі падабаюцца дзецям. Напрыклад: разыграць дыялог з выкарыстаннем нямоўных сродкаў выразнасці; з дапамогай жэстаў і мімікі паказаць героя твора; дапоўніць выразнае чытанне таварыша мімікай і жэстамі. Эфектыўныя практыкаванні з люстэркам.

Паспяховасць працэсу выразнага чытання, якое адпавядае заканамернасцям логікі і тэхнікі мовы, залежыць ад правільнага выкарыстання неабходных выразных сродкаў. Таму ўканцы трэцяга  класа пры навучанні выразнаму чытанню абмяркоўваю з вучнямі сродкі выразнасці. З апорай на табліцу “Сродкі выразнасці” (дадатак 4) вучні самастойна вучацца вызначаць інтанацыю чытання без дапамогі настаўніка.

Рашэнне задач па фарміраванні навыку выразнага чытання ў малодшых школьнікаў ажыццяўляю з апорай на наступныя прыёмы: раўнамернае размеркаванне фанацыйнага дыхання падчас чытання; правільная артыкуляцыя кожнага гуку мовы і выразная дыкцыя; выкананне нормаў літаратурнага вымаўлення; пастаноўка сінтаксічных, лагічных і псіхалагічных паўз; інтанацыйнае прайграванне знакаў прыпынку; вылучэнне слоў лагічным націскам; чытанне на адной ноце;         правільны рытм чытання; пераадоленне аднагучнасці чытання; першапачатковае азнаямленне дзяцей з рухам тону, сродкамі лагічнай і эмацыйна-вобразнай выразнасці інтанацыі; раскрыццё сэнсу тэксту, стымуляванне разумення яго зместу; вызначэнне аптымальнай сілы голасу і пасылу гуку; харавое чытанне; супастаўленне розных варыянтаў выканання тэксту мастацкага твора [3].

Абавязкова пры падрыхтоўцы да мастацкага чытання вылучаю час на распрацоўку выканальніцкай партытуры тэксту твора. Партытура ўяўляе сабою графічнае пазначэнне элементаў мастацкага чытання. Для самастойнай падрыхтоўкі дзяцей да выразнага чытання рэкамендую табліцу “Моўная партытура” і памятку “Як падрыхтавацца да выразнага чытання” (дадатак 5).

Пасля чытання твора ці ўрыўка праводжу ўсебаковы аналіз: што асабліва атрымалася чытальніку, а што – не зусім. Асноўваючыся на прыкладзе ацэнкі настаўніка, вучні выказваюць сваё меркаванне ў добразычлівай форме.

На ўроках чытання выкарыстоўваю разнастайныя віды работы над тэкстам, накіраваныя на выпрацоўку выразнага чытання (дадатак 6). Праводжу такія формы пазакласнай работы, як гадзіны паэзіі і творчасці, вечары казак, інсцэніраванне, конкурсы чытальнікаў вершаў і інш. Важную ролю надаю не толькі дэманстрацыі прыкладу выразнага чытання настаўнікам, але і самастойнаму пошуку вучнямі індывідуальных варыянтаў правільнага выразнага чытання мастацкіх твораў.

Пры навучанні выразнасці мовы і чытання выкарыстоўваю наглядныя дапаможнікі (карціны, ілюстрацыі, малюнкі дзяцей), запісы ўзораў мовы майстроў мастацкага слова (артыстаў, чытальнікаў), гукі прыроды, мелодыі.

Выніковасць і эфектыўнасць вопыту

Абагульняючы атрыманыя вынікі, можна зрабіць вывад аб тым, што мэтанікараванае і сістэматычнае выкарыстанне спецыяльных практыкаванняў і прыёмаў, накіраваных на павышэнне майстэрства чытання, спрыяе сфарміраванасці навыку выразнага чытання ў вучняў пачатковых класаў.

За тры гады навучання  малодшых школьнікаў выразнаму чытанню былі дасягнуты наступныя вынікі:

1)       павышэнне ўзроўню сфарміраванасці навыку выразнага чытання (авалоданне тэхнічным бокам мовы, інтанацыяй і нямоўнымі сродкамі выразнасці; самастойнае вызначэнне задачы выразнага чытання вучнямі) (дадатак 7);

2)       развіццё ўнутранай матывацыі вучэння, станаўленне адэкватнай самаацэнкі, павышэнне пазнаваўчай актыўнасці вучняў на ўроках чытання;

3)       павышэнне выніковасці і актыўнасці ўдзелу вучняў класа ў школьных і раённых літаратурных конкурсах (дадатак 8, 9).

Вопыт маёй работы быў прадстаўлены на кваліфікацыйным экзамене пры праходжанні атэстацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ў 2018 годзе.

Заключэнне

Выразнасць чытання з’яўляецца вынікам мэтанакіраванай перадачы слухачам сэнсавай сутнасці тэксту і ўзнікае толькі пры ўмове глыбокага засваення вучнямі мастацкага твора, дасканальнага, усебаковага аналізу. Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб дапамагчы дзецям выявіць сэнс твора і выклікаць правільныя адносіны да фактаў, падзей і з’яў жыцця, якія адлюстраваны ў творы.

Работа над выпрацоўкай умення чытаць выразна спалучаецца і цесна звязана з усімі відамі і прыёмамі работы, якія выкарыстоўваюцца на ўроках чытання. Сістэматычнае і мэтанакіраванае выкарыстанне спецыяльных  практыкаванняў і прыёмаў навучання выразнаму чытанню на ўроках літаратуры прыўносіць разнастайнасць і навізну ў працэс навучання, робіць урокі жывымі, цікавымі, творчымі.

Дадзены  вопыт планую ўдасканальваць:  з улікам атрыманых вынікаў, працягнуць падбор практычнага матэрыялу і распрацоўку заняткаў на аснове выкарыстання сістэмы практыкаванняў і прыёмаў навучання выразнаму чытанню тэкстаў розных жанраў.

Прапанаваная сістэма работы па фарміраванні навыку выразнага чытання ў малодшых школьнікаў можа быць карысна настаўнікам пачатковых класаў.

Спіс літаратуры

1.                Гурыновіч, Т. І. Навучанне малодшых школьнікаў выразнаму чытанню / Т. І. Гурыновіч ; пад рэд. Т. А. Няборскай ; ДУА “Мін. абл. ін-т адукацыі”. – Мінск : МАІРА, 2011.    

2.                Корчагина, Е. Н. Формирование навыков выразительного чтения в период обучения грамоте / Е. Н. Корчагина. – Мозырь : Белый Ветер, 2004.  

3.                Сентюрина, Н. И. Живое слово ребёнка / Р. И. Сентюрина. – М., 2001.  

 

Дадатак 1

Гульнёвыя практыкаванні для дыхальнай гімнастыкі

1.                “Насякомыя”. Успомніце, якія гукі выдаюць лятаючыя насякомыя: камар, аса, жук, чмель, муха. Удыхніце і, выдыхаючы, цягніце гук. Напрыклад, камар: з-з-з-з-з-з-з-з-з ... Гук можа аддаляцца і набліжацца. «Лётайце», наколькі хопіць паветра.

2.                “Транспарт”. Наш транспарт вырабляе даволі гучныя характэрныя гукі. Паспрабуйце адлюстраваць з дапамогай голасу шум матацыкла, самалёта, шамаценне шын машыны.

3.                “Цягнік".  Прагаварыце скарагаворку: “Цягнік імчыцца скрыгочучы: ж, ч, ш; ж,ч, ш; ж, ч, ш...”. Уявіце сабе, як цягнік набірае ход. Паспрабуйце прамовіць скарагаворку, паступова нарошчваючы тэмп пры паўторы пералічаных гукаў, так, каб усё “чулі”, як цягнік імчыцца.

4.                Загасі свечку (інтэнсіўны, перарывісты выдых). Удых, секундная затрымка дыхання. Затым кароткімі штуршкамі выдыхнуць паветра: фу! фу! фу!

5.                “Працягніце гук” (практыкаванне развівае гнуткасць дыхання, дапамагае знайсці пачуццё апоры, рэгуляваць гучнасць вымаўляемага слова) “с” - на працягу 15-20 секунд, паступова пераходзячы ад вельмі ціхага да вельмі гучнага. Тое ж самае рабіце, чаргуючы на выйсці гукі [с], [з]: с-с-с-з-з-з...

6.                Мы ў заапарку. Паспрабуйце ўспомніць і імітаваць разнастайныя гукі, якія выдаюць жывёлы.

7.                “Гадзіннік”. Размахваючы рукамі ўперад і назад, вымаўляйце “цік-так”, “цік-так” (10-12 разоў).

8.                “Каша кіпіць”. Адну руку пакладзіце на жывот, другую – на грудзі. Уцягваючы жывот – удых, выпінаючы – выдых. Выдыхаючы гучна вымаўляйце “ф-ф-ф-ф-ф”. Паўтарыць 3-4 разы.

9.                У ліфце. Лічы паверхі на выдыху з паступовым павелічэннем (запавольваннем) тэмпу.

Дадатак 2

 

Практыкаванні для адпрацоўкі дыкцыі

1.                “Забі гол”. Рот зачынены, вусны без руху, язык кончыкам кранае шчокі.

2.                “Пачысці зубкі”. Кончыкам языка пры закрытым роце чысцім зубы.

3.                “Пчолка”. Язык зрабіць “джалам”, высунуць уперад, управа, улева, уцягнуць назад за зубы.

4.                Гадзінічкі. Высунуць востры язык, прыціснуць яго зубамі і рухаць злева направа, каб зубы церлі сярэдзіну языка.

5.                “Парсючок”. Сабраць губы ў “пятачок”, вярцець пятачком па чарзе ў адзін і ў другі бакі.

6.                Блінцы. Хуткае пакусванне языка з адначасовым вымаўленнем “па-па”.

7.                “Пірагі”. Пакусванне згорнутага ў трубку языка.

8.                “Грыб”. Язык “прыляпіць” да нёба, а рот адчыняць і зачыняць.

9.                “Конік”. Цоканне.

10.           “Кулямёт”. Указальным пальцам біць па самкнутых вуснах.

11.           “Дворнік”. Выцягнутым языком аблізаць верхнюю і ніжнюю губы.

12.            “Арэлі”. Вадзіць ніжнюю сківіцу спачатку з боку ў бок, затым уверх-уніз.

13.           “У каго язык даўжэйшы”. Імкнуцца дастаць кончыкам языка носа, вушэй, падбародка.

14.           “Лом-рыдлёўка”. Паспрабуйце па чарзе высоўваць язык то плоскі, як рыдлёўка, то “востры”, як лом.

15.           “Пакажы зубкі”. Прыўзняць верхнюю губу так, каб сталі бачны верхнія зубы, затым апусціць. Апусціць ніжнюю губу так, каб сталі бачны ніжнія зубы, затым прыўзняць.

16.           “Злосны-вясёлы”. Зжымаць губы і расцягваць іх ва ўсмешцы.

 

 

Дадатак 3

 

 

Тэкст, які зачытвае настаўнік

 

 

Тэкст для вучняў (на картках)

 

Хораша, хораша

Летам у бары –

І грыбы, і ягады

Ў прыгаршчы бяры!

Весела, весела

Ў лузе, між палёў.

Кружаць над пялёсткамі

Сотні матылёў!

То ялінкі, то сасонкі

Падпіраюць небакрай.

Прыгажэйшае старонкі

Не знайсці, як ні шукай.

Скачуць сонейка асколкі

Пасля дожджыку ў вадзе.

Весялейшае вясёлкі

Не пабачыш анідзе.

Калі на сэрцы хмарна,

Калі ў душы зіма,

Не вохкай, дружа, марна

І не ўздыхай дарма.

Не зеляней ад злосці

У смутку і журбе –

Пакліч ты сонца ў госці,

Як друга да сябе.

Ой, ладачкі-ладкі,

Надышлі Калядкі.

Мы дзеля Калядак

Напяклі аладак.

Вялікдзень, Вялікдзень –

Цудоўнейшы дзень!

Як сонейка ўзыдзе,

Адступіцца цень.

Апусцелі сцежкі

Ў лесе, на палетку,

Дзе з вясёлай песняй

Мы хадзілі ўлетку.

Абляцела лісце,

Сумна стала клёнам.

Нам дыхнула ў твары

Ветрыкам сцюдзёным.

Мой брат – хлапец геройскі,

І за яго я рад:

У беларускім войску

Пайшоў служыць мой брат.

Мы ў радасці аж скачам –

Святочны ў нас настрой:

Прыйшоў да нас у школу

Былой вайны герой.

Ты не гніся, брат, ніколі

Траўкаю пахілай,

Сам пружыны своёй долі

Выкуй ўласнай сілай!

Не прасі, не спадзявайся

Ты на дапамогу,

Сам з нягодамі змагайся,

Сам прабі дарогу!

Вочы выцвілі ў валошкі,

Вусы апусціў ячмень;

Паніжэла сонца трошкі,

Пацішэў яго прамень.

Паляцела лета

З птушкамі на поўдзень.

Ні травы, ні кветак,

Пуста ў агародзе.

Дадатак 4

 

Табліца Сродкі выразнасці

 

Інтанацыя

 

             з радасцю, трывогай, трапятаннем, захапленнем, пагадай;

             з сумам, спачуваннем, стомлена, катэгарычна, загадкава;

             зласліва, буркліва, гідліва, здзіўлена

Сіла голасу

 

           шэптам,

           ціха,

           умерана,

           гучна

Тэмп

 

           хуткі (страх, рэзкая змена падзей),    

           умераны (спакой),

           марудлівы, павольны (смутак, бяда, жахлівасць)

Лагічны націск

(галоўнае слова)

           павышэнне сілы гучання голасу

Паўзы:

-        лагічная,

-        сінтаксічная,

-        псіхалагічная

 

           доўгая,

           кароткая

        

Дадатак 5

Табліца “Моўная партытура”

 

 

 

 

 

Умоўныя знакі

 

Лагічная паўза

 

׀ (адпавядае дзвюм лічыльным адзінкам)

׀׀ (адпавядае чатыром лічыльным адзінкам)

׀׀׀ (адпавядае шасці лічыльным адзінкам)

 

Псіхалагічная паўза

 

˅ (магчыма ў любым месцы выказвання)

 

Лагічны націск

 

=, º(лагічны націск першай ступені)

      (лагічны націск другой ступені)

- - - (словы, звязаныя па сэнсе з націскным)

 

Тон голасу

 

(павышэнне тону голасу)

(паніжэнне тону голасу)

Тэмп

 

+ (паскарэнне тэмпу мовы)

- (запаволенне тэмпу мовы)

 

 

Сіла голасу

 

 

(ш) –  шэптам

(ц) – ціха

(у) – умерана

(г) гучна

 

 

Памятка  “Як падрыхтавацца да выразнага чытання”

 

 

 

  1. Прачытай тэкст уважліва. Вызнач змест, думкі, пачуцці, настрой і перажыванні герояў, аўтара.
  2. Вызнач свае адносіны да падзей (герояў, апісанняў карцін прыроды).
  3. Уяві іх сабе.
  4. Вырашы, што будзеш паведамляць пры чытанні слухачам, што яны павінны зразумець (якая задача чытання).
  5. Прадумай у адпаведнасці з задачай чытання і выберы інтанацыйныя сродкі: тон, тэмп чытання, паўзы, лагічныя націскі.
  6. Прачытай спачатку тэкст уголас для сябе. Правер яшчэ раз, ці з усім згодны. Памятай, што ты вымаўляеш тэкст перад слухачамі і маеш з імі зносіны.
  7. Прачытай тэкст выразна.

 

Дадатак 6

 

Віды работы над тэкстам, накіраваныя на выпрацоўку выразнага чытання

 

  1. “Артыст” (падрыхтоўка выразнага чытання ўрыўка за 3 мінуты).
  2. “Жывы малюнак” (адзін вучань выразна чытае, другі мімікай і жэстамі суправаджае чытанне).
  3. “Чытанне з каменьчыкамі”. “Каменьчыкі” – знакі прыпынку, на якія неабходна звяртаць увагу пры чытанні і спыняцца.
  4. “Дыктар” (чытанне частак тэксту, як дыктар тэлебачання).
  5. Знаходжанне ўрыўка, які неабходна чытаць пагардліва, весела, строга, сумна, з маленнем, абурэннем, насмешкай, радасцю і г.д.
  6. Падрыхтоўка дыяфільма да твора, гукавое афармленне “фільма”.
  7. Выразнае чытанне ўсяго тэксту (пасля яго аналізу).
  8. Выразнае чытанне вучнем новага тэксту, загадзя падрыхтаванага дома.
  9. Выразнае чытанне ўрыўка тэксту, які падыходзіць да малюнка.
  10. Выразнае чытанне ўрыўка, да якога можна падабраць прыказку.
  11. Знаходжанне і выразнае чытанне сказаў з клічнікам, пытальнікам і г.д.
  12. Чытанне па ролях дыялогу, выключаючы словы аўтара.
  13. Знаходжанне і чытанне слоў, якія чытаюцца гучна, ціха, хутка, павольна.
  14. Знаходжанне і выразнае чытанне аўтарскіх вобразных слоў і апісанняў.
  15. Знаходжанне і чытанне слоў з лагічным націскам.
  16. Чытанне верша ланцужком, спыняючыся кожны раз на паўзах.
  17. Выразнае чытанне ўрыўка твора па ўласным выбары дзяцей.
  18. Конкурснае чытанне вучнямі верша, казкі, байкі, урыўка твора.
  19. Пальчыкавы (лялечны) тэатр.
  20. Чытанне, падрыхтоўка да пераказу твора з дапамогай жэстаў, мімікі, позы.
  21. Знаходжанне слоў, сказаў, якія адпавядаюць “Слоўніку пачуццяў і настрою” (дадатак 9). Выразнае чытанне.

Дадатак 7

Сфарміраванасць навыку выразнага чытання ў малодшых школьнікаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дадатак 8

 

Выніковасць удзелу вучняў класа ў конкурсах за апошнія 3 гады

 

    2017/2018 навучальны год:

-      раённы этап рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка: прысвячэнне маёй Радзіме” (дыплом ІІ ступені);

-      раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Маёй зямлі вянкі сплятаю” (дыплом ІІ ступені);

-      раённы этап конкурсу работ даследчага характару “Я – даследчык”  (дыплом ІІІ ступені);

-         раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Ратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Верш” (дыплом ІІІ ступені);

-         абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Ратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Верш” (дыплом ІІ ступені).

 

2018/2019 навучальны год:

-         раённы конкурс відэафільмаў “Люблю мой край” (дыплом ІІІ ступені);

-         раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Ратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Верш” (дыплом І ступені).

 

2019/2020 навучальны год:

-         раённы этап рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу “Зямля пад белымі крыламі” (дыплом І ступені);

-         раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Ратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Верш” (дыплом І ступені);

-         раённы адкрыты фестываль “Я – даследчык” (дыплом І ступені);

-         дыплом фіналіста адкрытага фестывалю “Я – даследчык” Мінскай вобласці.     

Дадатак 9

 

Творчая работа «Відэапасланне ветэрану»

 

Дадатак 10

Слоўнік пачуццяў і настрою

 

 

Опросы
Нет доступных опросов Результаты опросов